РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прарок Геронім Босх1
«Увага! Увага! Увага!
Рыхтуецца атамны выбух.
Хавайце дзяцей!
Хавайце вучоных і кнігі!
Хавайце ў зямлю партытуры
Бетховена і Гуно!
Хавайце карціны Босха:
Ён ведаў пра гэта даўно».
Дзіўны, дзіўны мастак!
У цемры сярэднявечча
Сядзеў ён перад мальбертам,
Які асьвятлялі сьвечы.
Цень у кутах пакоя,
Цені па фарбах бягуць,
Цень над роднай краінай,
Змрочныя цені ў мазгу.
Іспанцы край захапілі,
Палілі людзей без жалю,
Жыць не давалі нікому,
Існаваць – рабам дазвалялі.
Плакалі дзеці малыя,
Ўміраючы на нажы,
І нельга было сьмяяцца
Мастаку, што з праўдай дружыў.
Таму ў грудзях такога
Не сэрца, а галавешка,
Таму ў Героніма Босха
Памерла на вуснах усьмешка.
Ён бачыў, што душы прыгнечаных
Не сталь, а бязвольны воск,
І прарочыў дрэнным людзям
Геній Геронім Босх.
Сваёй неўтаймоўнай фантазіяй
Выклікаў ён пачварныя здані...
Праз трэшчыны на палотнах
Чуюцца гукі рыданьняў.
Лётаюць мёртвыя птушкі,
Палаюць жывыя кусты,
Пачвары з галовамі грыфаў
Рэжуць сабе жываты.
У адных галовы без ног,
У другіх пад задам калені.
Кідаюцца ў пажарах
Маўклівыя голыя цені.
Праз дымнае і чырвонае,
Праз попельнае сьвятло
Танкі ідуць магутныя,
Якіх тады не было,
Ці мог ён тады прадбачыць,
Што пройдзе сто пакаленьняў
І ажывуць наяве
Пачвары яго ўяўленьняў?
Што будуць з акопаў людзі
Дзерціся на накат
І кідацца ім пад ногі
Зь цяжкай вязкай гранат.
Вы, васковыя душы,
З ланцугоў кашмары спусьцілі,
Вы над роснай зямлёю
Сьмерці грыбы ўзрасьцілі...
Даўно прарочыў такое
Босха трывожны мозг.
І ўсё ж аднаго ты не ведаў,
Вялікі Геронім Босх.
Зьведаўшы чалавека,
Зьведаўшы мора і сушу,
Не мог ты ведаць, што ў сьвеце
Стальныя вырастуць душы,
Што на хлусьлівых і хцівых
Узьнімецца іх рука
І вытрасе іх са скуры,
Як бульбу гнілую зь мяшка.
«Увага! Увага! Увага!
Выбухаў больш не будзе!
Выносьце скульптуры і кнігі,
Сьпявайце і сьмейцеся, людзі!
Выносьце дзяцей заспаных
Пад сонечных гукаў прыбой!
Выносьце карціны Босха!
Адбой! Вечны адбой!»
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.