Баляда Андрэя Мрыя
|
1.09.1893 – 8.10.1943
|
Ты едзеш на Радзіму паміраць – Такую радасьць даў табе ГУЛАГ. Наўкол сьнягі, і, нібы кроў, зара За цягніком па дрэвах, як гарах, Цячэ і намывае ў сэрца сум Па тых часах, калі шчасьлівым быў. І не хаваеш ад людзей сьлязу, Нібы жыцьцё, якое ўжо пражыў. Ты едзеш на Радзіму паміраць. А на Радзіме трэйці год вайна. І твой вагон – вялізная труна, І колы ўсю дарогу грукацяць, Як малаткі грукочуць па цьвіках. Тваё жыцьцё губляецца ў сьнягах. Твая ж душа як рукапісы кніг, А рукапісы кніг, нібы душа, Гараць і застаюцца ля жывых, Як кветкі палявыя ля крыжа, Дзе ты, забіты нелюдзьмі, ляжыш, І вецер зь Беларусі твой цалуе крыж...
20.X.2007.
|
|