Баляда Сяргея Новіка-Пяюна
|
27.08.1906 – 26.08.1994
|
У небе Айчыны чарнюткія краты, І чэрап у небе – ня сонца – плыве. Пры новай уладзе ты зноў вінаваты, Што ты беларусам зьявіўся на сьвет. І гоняць ізноўку цябе да магілы, І дротам калючым прыгожыцца шлях. І воранаў чорных чарнюткія крылы, І белыя крылы анёлаў, і жах Над шляхам тваім, над людской непакорай. І будзяцца песьні пад звон кайданоў, І будзяцца сілы, каб выжыць у горы, Вярнуцца і ў гора патрапіць ізноў. Навокал чарнеюць крывёю курганьні, І вёскі пустыя, і выюць ваўкі. Ты помніш апошняе з маці спатканьне, І спадчыну дзеляць штодня чужакі. І колюць штыкамі па-рабску у сьпіну Служакі, што вераць у сьветлы прасьцяг І ў зорнае заўтра турэмнай Айчыны І крочаць па братняй крыві і касьцях. Цяжэюць ватоўкі, зьвярэюць сабакі, І холад, і голад зьбівае ўсіх з ног. Сьмяротнікаў новых чакаюць баракі, І ямы чакаюць – ля чорных дарог, І працу чакаюць культурныя каты... Душа паўтарае: «Айчына жыве!» А ў небе Айчыны турэмныя краты, І чэрап у небе – ня сонца – плыве.
21.VIII.1990, 26.VIII.1994.
|
|