РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здратаваныя магілы
Петрасу Антэасу
Там, дзе Лесбас у пенных карунках прыбою,
Я адчула цябе і на сьвет нарадзіла.
Вёсны скрыпкай сьпявалі, а зімы – трубою.
Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы?
Ты ня вер дактарам. Мне ня цяжка прыйшлося.
Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні.
За труною людзей – нібы ў полі калосьсяў,
Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны.
Мне ня цяжка. Мне іншае горка, мой родны,
Што цябе ўладары ліхалецьця і ночы,
Баючыся за «Грэцыі роднай свабоду»,
Не пусьцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы.
Хто ж зь іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя
Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле?
На Галгофу калісьці пусьцілі Марыю,
А цябе – на магілу маю не пусьцілі.
Праз абшары марэй, празь сьвітаньні і ночы
Я кажу са сваёй здратаванай магілы:
Ты ня плач, маё сонца, мой любы сыночак,
Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы.
Я прывыкла да вечных з табой разьвітаньняў,
Войны, турмы, падпольле і Грамаса скалы,
Немцы, ўласныя каты і англічане, –
Ўсё жыцьцё я чакала, бясконца чакала.
Што было мне да вашых сутычак і зброі?
Проста я не хацела зьнішчэньня і сьмерці,
І маланкі над Грамасам білі ня ў хвоі,
Не ў сыноў, а ў маё набалелае сэрца.
Нехта чорную здраду між намі пасеяў,
І пайшлі вы з Радзімы ў выгнаньне, ў выгнаньне.
З доўгай, цяжкай, паўночнай тваёй Адысеі
Я чакала цябе, як чакаюць сьвітаньня.
І канец. І людскія маўклівыя гурмы.
Толькі ў сэрцы маім не згасае трывога.
Хай праклён на вас, межы, хай праклён на вас, турмы,
Хай праклён на вас, ворагі людства і Бога.
Без сыноў, без надзеі, бяз шчасьця, бяз мая,
Не схіліўшы да скону жаночыя плечы,
Маці-Грэцыя ў муках маіх памірае,
Маці-Грэцыя, маці сыноў чалавечых.
Па зямлі прапаўзаюць гадзюкамі межы
І дапытваюць кожную былку і камень.
На зямлі руднікі, і турэмныя вежы,
І капцы мацярок, што спавіты дратамі.
...Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося:
Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай.
На чале тваім – церні, ў далонях – калосьсі,
За сьпіною – бясконцыя гордыя сьцягі.
Я люблю, я хачу цябе бачыць, я маці.
Але ўсё ж, пакуль гора зямлі не ў магіле –
Ты ня сьмей, ты са мною ня сьмей сустракацца,
Мой далёкі, мой сьмелы, мой добры, мой мілы.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.