Баляда Івана Шамякіна
|
30.01.1921 – 14.10.2004
|
Жыцьцё пражыта, нібы зжата жыта, Дзе жніўнае сьвятло нібы сьляза, І поўня ў небе як сьвінцовы зьлітак... Жыцьцё пражыта, ды яшчэ сказаць Хапае што і ёсьць каму паслухаць, І гэта ноч, як вечная рака, Якую п’еш, а ў роце суха-суха, І, як крыло зламанае, рука Ня можа адагнаць туман, што блізка Плыве з тых дзён, якія адышлі, Дзе мама маладая над калыскай, Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі, Што клічуць за сабой і горка плачуць, Бо ведаюць – пражыта ўжо жыцьцё, І хто ты ёсьць яны зь нябёсаў бачаць, І падае, нібы агонь, лісьцё Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя, Бо верылі і верым, што сьляза Душу, што ў Шлях сабралася, абмые, А на Шляху даўно стаіць Марыя, Празрыстая, як на крыжы раса... Жыцьцё пражыта, бы пасеяў жыта Азімае, дзе хутка ляжа сьнег, Як россып белых-белых маргарытак, І выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх У новы дзень, дзе сонца маладое Асьвеціць нам дарогу да вясны...
15.X.2004.
|
|