Баляда Яўгена Куліка
|
31.10.1937 – 12.01.2002
|
...Ты замкі аднаўляеш на паперы, Нібы ў былое адчыняеш дзьверы. А там агонь і кроў там на траве, І чорны дым... Ды Беларусь жыве. І ты ідзеш сярод людзей, якім Ніколі ты ня зробісься чужым, Бо і яны народжаны былі, Каб беларускім край быў на зямлі Ня краем цёмным у чужой краіне, А раем тым, хто гінуў і загіне За Беларусь, якая ёсьць і будзе... Ідзеш, і вецер б’ецца ў твар і грудзі, І нельга прыпыніцца і сказаць, Што я зьнямогся і хачу спакою, Бо на цябе з крыжоў дзяды глядзяць І бусел белы кружыць над табою, Нібы анёл, што Беларусь ратуе І ўсё ніяк ня можа ўратаваць Ад хіжых душ, дзе наша сьмерць начуе. У душах нашых сонцу начаваць! І будзе так, бо нават на паперы Для ворагаў заўжды замкнуты дзьверы І нашых замкаў, і гасьцінных хат. І будзе Беларусь як божы сад, Дзе ў квецені пчаліны гуд ня тоне, Дзе сонца ў небе, нібы шчыт...
29.III.2008.
|
|