 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
1 Божыя кароўкі – гэта кроплі крыві З-пад цярновага вянка Што на галаве ў Хрыста
2 Іголка нібыта маланка Мне прабіла палец Зь якога нібыта з кокана Вызвалілася кропля крыві Мая божая кароўка
3 Зоркі – гэта божыя кароўкі На купале Храма вечнасьці І падаюць зь неба ня зьнічкі А божыя кароўкі Вучацца лётаць
4 Па шыбе паўзе Божая кароўка Як па возеры застылым Восеньскі ліст плыве
5 Божыя кароўкі – гэта каляровыя сны Белых анёлкаў З краіны майго дзяцінства
6 Божыя кароўкі – гэта людскія душы У якіх жыла і жыве Бясконцая вера ў Бога
7 А на далоні тваёй Тры божыя кароўкі Як шматкроп’е ў сказе І на пачатку было Слова...
8 Ты прыручыла божых каровак І мяне наняла ў пастухі І цяпер я хаджу па лузе Нібы па райскай даліне У пошуках божых каровак
9 У нашым з табою небе Ёсьць сузор’е Божых каровак Але пра гэта ведаем толькі мы Я, ты і божыя кароўкі
10 Божыя кароўкі – гэта божыя думкі Пра наш сьвет Дзе мне добра з табой Бо думкі божыя Заўсёды між намі Як божыя кароўкі
11 Поўня над Мінскам Гэта вялікая беларуская Божая кароўка Якой сьняцца сны пра Менск
12 Божыя кароўкі Як насеньне з райскага дрэва І я трымаючы ў кулаку Божую кароўку Адчуваю як яна шавеліцца Нібы прарастае ў маю душу
13 І рухаюцца па венах маіх Божыя кароўкі Несучы ў сэрца Нібыта ў гняздо Любоў і каханьне І выплываюць з вачэй маіх Сьлёзы Як празрыстыя божыя кароўкі
14 І закончыцца дзень І пачнецца ноч І божыя кароўкі Зьбяруцца ўсе разам І ўзыдзе сонца з божых каровак Каб мы сустрэліся з табой І ўспомнілі пра ўсіх Хто не дажыў да сьвітаньня
12–13.I.2009.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|