РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра дзіка і чалавека
Анатолю Забалоцкаму
Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць
І зьлятае шэрань зь бяроз,
Дзік разрыў бурты бульбяныя
І ў курдобу пусьціў мароз...
Чалавечыя гучныя крокі
І сабачы бязгучны крок
Аддаляліся ноччу глыбокай
Ад агнёў на сутычку і кроў.
Проста з чыстага неба памалу
Церушыўся на вёску сьнег,
А ля весьніц Зоська стаяла
І чамусьці кпіла зь мяне:
«Бач ты, вецер у портках сьвішча...
А сабака... Такога ж нідзе...
Сышчык! Сам сабе хлеба ішча!
Падапры яго, бо ўпадзе...»
Я змаўчаў... Нашто мне такая?..
Ўся як месяц у зімнім гаю,
Як ільдзістага хлеба акраец,
Што памёрлым у пекле даюць.
Калі мы гэты край пакінем,
Засумуе адзін толькі бор...
О зямля мая, о краіна,
О сьнягі ў зіхаценьні зор!..
Чуйна слухай, рыжая Курта,
Пільна ў мёртвыя нэтры глядзі.
Дзік, зьявіўся да сьнежнага бурта,
Мей адвагу адказваць, дзік.
Ён зьявіўся. Яго нарадзілі
Змрок начны і сьняжынак плач.
Ён ішоў праз гурбы застылыя,
Адзінец, самотны сякач.
Узараная тушай гэтай
Баразна сьнегавая плыла...
Я ударыў па ім дуплетам
І падраніў, а не паклаў.
Зь лютай ярасьцю чорнага тромба,
Што ламае дрэвы ў бары,
Ён ляцеў на мяне, як бомба,
Вывяргаючы кроў і рык.
Бомба з шэраню, бомба са шчэці,
Зь мяса, рыку, з болю ўканец,
Бомба зь ярасьці, бомба са сьмерці
Для каханьня, для зор, для мяне...
Курта ўпялася сьмерці ў сьцёгны,
Каб яе ад мяне адцягнуць
Даць імгненьне для стрэлу і стогну,
Даць грымотам хвіліну адну.
І дала...
Нерухомым пластам
Ён ляжаў, пачварны красун, –
Буры, шчэцісьты, грузлы, ікласты,
Як апошні забіты лясун.
Бы зімовы россып каліны,
Кроў апырскала сьнежны разор...
О якая чужая краіна!
О сьнягі ў зіхаценьні зор!
Для чагосьці прыйшоў, скрывавіў,
Нарадзіў барвяны туман
І зямлю ад цябе пазбавіў.
А на ёй і каханьня няма.
Мы дзялілі і шчасьце і гора,
І лясы і сьпевы травы.
Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш?
Мне, забітаму, ты, жывы?..
Палазы рыпелі да вёскі,
І ў кароткай птушынай журбе
Гіль абтрос алмазы зь бярозкі –
Як апошні прывет – на цябе.
І ўзвалілі цябе ля парога
На вароты, нібы на шчыт,
І дымелі ў паветры ногі,
Як на скон чатыры сьвячы.
Шчэць смылела павольным палам,
Абсыпаўся попел сухі:
Так і нас мо ў пекле абсмаляць
За вялікія нашы грахі.
Ён ляжаў аддана і проста.
Разувалі яго талакой
З рагавых пантофлікаў
                                                  вострых,
Бы ў аршанскай краме якой.
Потым госьці елі старанна.
Я ж сядзеў і ня еў, як сьвяты:
Дзік ня вінен... Проста бураны...
А па бульбе мы зь ім – браты,
Па самоце несамавітай,
Па трывожных думах у сьне.
Я маўчаў.
                      Госьці, п’яныя, сытыя,
Гаманілі, хвалілі мяне.
Стала ў хаце і дыму, і тлуму,
Засьпявалі ўсёй грамадой,
І кудысь адляцелі думы,
Што віселі ўвесь дзень нада мной.
А ўначы, калі неба хмурае
Ўсімі дрэвамі сьнег мяце,
Выйшаў я, гэтым тлумам задураны,
І ля форткі убачыў цень.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Калацілася, што бярозка,
Як кране яе сьнегам сівым...
«Зоська, што ты? Чаго ты, Зоська?
Я ж з табой!.. Я жывы...»
 
11.I.1963.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.