Столькі год я гляджу на палеткі і весі Ў іх сьцюдзёнай і чыстай асеньняй расе, Закалела, ўзмакрэла на золкім узьлесьсі, Як старая жанчына, што пасьвіць гусей. Валасы мае чэша вятрыска і трусіць, А ў халодных травах туды і сюды Валуны на пашы, як белыя гусі, Што гані не гані, а ня йдуць да вады. Ад вясёлай Друці да нэтраў Падляшша, Ад палескіх імхоў да асьвейскіх крыніц – Валуновая паша, гранітная паша, Камяні, камяні, камяні, камяні. І хоць мох на каменьнях сівее ад гора, А ў галіны мае б’юць шалёна грамы, – Ўсё ж нам добра глядзець на лугі і разоры, На зямлю, для якой паслужылі і мы. Бо тады, калі праўду хацелі павесіць, А над хатамі курчыўся зьмей агнявы, Мы хавалі людзей на падбегах да лесу – Я і гусі мае сярод стылай травы. Людзі краю майго, мы зрадніліся з вамі, Куля ў кожнага з вас наша сэрца праб’е, Бо з адзіным вы сэрцам, адвечным, як камень, І пяшчотным, як добрыя косы мае.
1966
|
|