У cтагодзьдзях сну і чорных кратаў Па дарозе, дзе, як вечнасьць, пыл, Я сустрэў вандроўных музыкантаў, Што ішлі да дзедаўскіх магіл. Ім абрыдлі шэрыя прасторы, Ім абрыдлі панскія сталы, Пагублялі лапці і аборы, Напіліся брагі і смалы. Я спытаў вандроўных музыкантаў: – Што чакаць жа мне ў стагодзьдзях сну? Адказалі, што чакаць ня варта Радасьці бясконцую вясну. Не сказалі болей анічога І пайшлі, як прывіды, як сон. Я абняў, нібыта крыж, дарогу, І пачуў я: у дарозе – стогн. І ў стагодзьдзях сну і чорных кратаў Я пракляў сябе за свой спакой. І ўздагон вандроўным музыкантам Паляцеў, галосячы, душой.
27.VI.1991.
|
|