РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мой век
Было ў ім усякага жыта:
Тысячы добрых гадзін,
І сонца, і шчасьце, і літасьць,
І космас – на ўсіх адзін.
А ўсё ж такі мне ён сасьніцца
Ў агні пякельных начэй
Ня добрай васковай пшаніцай, –
Плевеламі хутчэй.
За дрот валакуцца строем...
Зь «ведзьмаў» высмоктваюць кроў...
Дзяцей, старых і гэрояў
Бульдозер зграбае ў роў.
Вулканы Менска і Кіева...
Трэблінкі – вар’яцкі сон...
Вусны жанчын, у якія
Асьвенцімскі рвецца «цыклон».
Забітых халодныя горы...
Котлішчаў вечны спакой...
Дык што ж вы з такім дакорам?
Чаму з пагардай такой?
Што? Рыдаю над даўнімі болькамі?
Што? Валюся ў азёрах крыві?
Падаў...
Плакаў...
Ды толькі
Ў той час, як ня бачылі вы.
І які той цяжар ні будзе,
Ён веры маёй не сагне:
Мяне пахаваюць людзі,
Лепшыя за мяне.
І якіх не было гекатомбаў,
Ў ім ня згаснула праўды сьвяча,
І я веру ў хрышчаны бомбамі
Мой крывавы, мой страшны час.
Ў ім цяжка раслося калосьсям,
І на большым абшары зямлі
Раскашней паршыўцам жылося,
То адкуль жа Людзі былі?
Тыя, што за радзіму,
За людства, праўду і нас,
Тыя, што за адзіную
Паміралі літару «аз».
Ваявалі ўпарта са зьмеем,
Карчавалі ўпарта ляду, –
На іх у мяне надзея
Ў час апошні, калі адыду.
Няхай іх душа жывая
Пакуль што ня зьнішчыла сьнег.
 
Яны мяне пахаваюць,
Лепшыя за мяне.
 
17.IX.1969.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.