РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бекеш, або Ода Ерасі
Баляда 1555 года
Ў змроку, калі спалыхнуць над Гародняй байніцы,
Еду разьмерана, повад аддаўшы каню,
Еду паўз лобныя мейсцы, катоўні, цямніцы,
Еду паўз ночы цямноцьце насустрач далёкаму дню.
Ляпае меч па баку – ну-тка, варта, хто возьме рукамі?
Злосныя позіркі сьвітак ядуць мае вочы, як дым.
Ведаў бы хто зь іх, што б’ецца пад гэтымі сабалямі?
Ведаў бы хто, што палае пад гэтым берэтам маім?
Ерась, вялікая маці, агонь ступакі твае ліжа.
Хлопы ня ведаюць, ярасьці варачы страшны напой,
Што я за іх ненавіджу, зьнішчальней за іх ненавіджу,
Бо й аднавокая ярасьць пакажа дарогу сьляпой.
Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх,
Выратуй сына свайго, што ня будзе быдлець спакваля,
Не падтрымае ў натоўпе аб дыбе зьвярыныя крыкі,
І не падкіне нявінна ў вогнішча Гуса гальля.
Ведаю я за табою, што як бы ні катавалі,
Як бы цябе ні прыдушвалі змрочных стагодзьдзяў валы –
Не апявала ты статуй і догмы заўжды адмаўляла,
Знаючы цьвёрда, што сьмерць, што гніцьцё у патоках хвалы.
Цемры князі і хлусьні, што і праўдай і сонцам праклятыя,
Лёд вашых зрэнак зьмяіных павольна паўзе за сьпіной.
Як вы мяне ненавідзіце, д’яблавы адвакаты!
Так, што... нянавісьць клякоча ля лытак пагарды маёй.
Я праязджаю праз чорныя мантыі, справы і душы,
Нібы праз строй праязджаю, празь імі прыдушаны край,
Крыкі людзей у катоўнях казань хлусьлівую глушаць,
Пекла штодзённае глушыць размовы пра баечны рай.
Блізкі, здаецца, ды толькі ня верце, што вам абяцаюць.
Ён міражом адплывае, вясёлкаю перад гразой.
І не нагнаць таго раю, павек не нагнаць таго раю,
Як на найлепшым кані не дагоніць ніхто гарызонт.
Веры адкідамі, сьмецьцем будуць зваць цябе людзі,
Пакуль у капішчах іхніх будзеш паўзьці, нібы крот,
Пакуль ты слухаць іх будзеш, і пакуль ты верыць ім будзеш,
І пакуль будзеш скарацца ім, мой беларускі народ,
Вашага Бога ня ведаю з раем рабоў і гаротных,
Пекла яго не баюся, бо ўсё гэта ваша багно,
Не клапачуся аб целе, ані аб душы бесьсьмяротнай,
Тым бесьсьмяротнай, што зробіць, каб потым пагаснуць са мной.
Тут пабудуйце свой рай. Бо ён у руках вашых чорных,
Ў людзях на гэтай зямлі, людзях, што робяць свой лёс,
Ў праве на праўду і слова, на сьветлы агонь непакорны,
Ў праве на веру ня браць, нават як скажа Хрыстос.
Я з баганоснага племя, якое у турмы спускалі,
Шылі ў дурацкі каўпак, рэзалі дзёрзкі язык.
Але забылі вы тое, што колькі б вы нас ні цкавалі,
Рацыю меў, праз стагодзьдзі, заўжды – ерэтык.
 
Ветрык свабоды далёкай пяро на берэце ўзьвівае,
Вогнішчаў полымя злое ў вачох маіх дзёрзкіх гарыць.
І паўстаюць папярэджаньнем, якім да канца пагарджаю,
Шыбеніц чорных «пакоі» на фоне далёкай зары.
 
студзень 1966 - 3 сьнежня 1970 г. Рагачоў – Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.