 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Калі паміраюць дрэвы – яны павольна падаюць на зямлю, Больш павольна, чым пушок адуванчыка, – і застаюцца ляжаць. Калі паміраюць жывёлы – яны засынаюць у ветрабоі Або чарнеюць на ральлі уздзьмутым жыватом, А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі. Калі паміраюць гарады – па анфіладах крочаць рыжыя львы І сьлізгоча струменьчыкам ртуці зьмяя па карцінах, што ўпалі ў музэі. Калі паміраюць планэты – застаюцца сьвінцовыя воды І сьвісьцячая песьня пяскоў у расколінах скал. Калі памірае каханьне... Але каханьне не памірае. Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў, Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай, Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разьбі. Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю ўсьмешкай, Львом куртатым кроч, сьлізгай самаахвярным зьмеем Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу – Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І сьмерці няма ў каханьня. Чалавек толькі сьмертны. Але калі дрэвы не помняць, Гарады не помняць, не помняць нямыя планэты – Сэрца помніць каханьне і попелам стаўшы з агню. Аб пушыстым сьнезе бясконца яно ўспамінае, Аб сьлядох на сьнезе, аб любых засьнежаных веях, Аб журботнай усьмешцы і аб горкіх, апошніх, бязважкіх Пацалунках у вочы, запясьці і вуснаў ражкі... Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі: Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых далонях, Аб жаданьні пакласьці жыцьцё за яе і з успоратым горлам Прыпаўзьці і падохнуць ля ног, уратаваных табой. Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца І кружляе з крыкам перадсьмяротнай і ўсё ж бесьсьмяротнай тугі Над магіламі мёртвых багоў, над журботным спакоем зрынутых дрэў. Над жывёламі, кінутымі на ральлі, Над планетамі мёртвымі і гарадамі – Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.
12.II.1962.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|