РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Папы Рымскага Яна Паўла ІІ
І

 
...Пачаты шлях нібы пачуты голас Бога,
Пачуты голас Бога як спазнаны сьвет,
Дзе ёсьць касьцёл, царква, мячэць і сінагога,
Дзе сьлёзы ёсьць, нібыта росы на траве,
Дзе сьпіць спакуса, як агонь, дзе мы згараем
І дзе, нібыта крыж адвечны, вера і любоў
Нябёсы над зямлёй, як Божы Дух, трымае,
Каб кожны шлях, адведзены яму, прайшоў,
Каб дараваць, і папрасіць, каб даравалі,
І зразумець, што гэты сьвет для нас – ня дым,
І мы яго, як Храм, стваралі і ствараем,
І ў гэтым Храме, як адна цаглінка, Рым...
 

ІІ

 
Пражыў жыцьцё, нібы малітву прачытаў,
І адышоў у лепшы сьвет, нібы заснуў,
Нібы раса, згубіўся ў ціхім шуме траў,
Якія, як Хрыста, сустрэлі зноў вясну
У гэтым сьвеце, дзе даўно дабро і зло,
Нібыта крыж на Храме, у якім сьвятло
Сьвятое, нібы Боскае жыцьцё, дзе шлях,
Якім прайсьці, каб лепшы сьвет спазнаць, і тло,
І сьлёзы, і агонь, і кроў, каб у вяках
Нам сьветла і самотна, як цяпер, было...
 
3.IV.2005.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.