РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Храма
Тут, дзе сонца, як човен, у хмарах,
Як агонь, што зьнікае ў пяску,
Белы Храм, як анёльская мара,
Асьвятляе крыжамі раку,
У якой нараджалася сонца
І ўсплывала над сьветам і мной,
І здавалася раньне бясконцым,
І жыцьцё было вечнай ракой.
І дарогі да белага Храма
Нас вялі, і ня думалі мы,
Што бяз Храма мы зьнікнем таксама,
Як бяз нас пазьнікалі дамы,
Дзе жылі нашы казкі і песьні,
Дзе было нам пра што ўспамінаць,
Дзе ля печ высьпяваў вецер весьні
І хацелася не паміраць
Тут, дзе сонца, як човен, у хвалях,
Як сьвятло, што ў бацькоўскім вакне,
Што нам сьвеціцца з далечных даляў
І ня тоне ў чарнюткім віне,
І таму нам вяртацца да Храма,
Што стаіць ля прыціхлай вады,
І маліцца за бацьку і маму
І за нашы ў пустэльні сады...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.