РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда сына
– За што і за каго тут сёньня паміраць? –
Гаворыш ты і п’еш праклятае віно,
І на цябе, як звар’яцелага, глядзяць
Усе, хто разам піў з табой даўным­даўно
У гэтым бары, дзе сьвятло, як п’яны дым,
І дым, нібы сьвятло, плыве­-цячэ праз нас
І, поўнячы нам душы сумам незямным,
З нас вымывае Богам дадзены нам час...
 
– За што і за каго тут сёньня паміраць? –
Гаворыш зноў, нібы забыўся ты, што тут
Ня толькі гэты дымны бар, а родны кут
І нашы дзеці зь вераю на сьвет глядзяць
І спадзяюцца, што ня ўсё мы тут прап’ём,
А нешта застанецца і на долю іх,
Яшчэ малых, а ўжо амаль зусім чужых.
Мы ў іх сябе даўным­-даўно не пазнаём
І ці пазнаем, як не пазнавалі ў нас
Сябе і нашыя бацькі. Быў лепшы час,
І лепшае віно, і лепшыя сыны,
Што не баяліся ні міру, ні вайны...
 
«За што і за каго тут сёньня паміраць?» –
Віна напіўшыся, нікога не пытай,
Бо ёсьць бацькі, сям’я, сябры, ёсьць родны Край,
Што на цябе яшчэ глядзяць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.