РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда верасьнёвай начы
У начы верасьнёвай за чорным вакном
Вецер дрэвы згінае, нібыта траву,
Ты на стол, як на плаху, кладзеш галаву,
І ўжо вочы твае напаўняюцца сном,
Нібы келіхі чорныя белым віном.
 
А ўначы за вакном нараджаецца жах,
Пыл з дарогі ўстае, нібы слуп, да нябёс,
І зрываецца лісьце, як птушкі, зь бяроз,
І ўжо хмара над намі – вялізарны птах,
Што наш сьвет падхапіў і нясе ў кіпцюрах.
 
Ну а вочы твае ўжо напоўнены сном,
І, як мёртвы, ты сьпіш у жахлівай начы
І ня можаш нікому нічым памагчы,
І стаіць, нібы грэшнік, прад Богам твой дом,
Як малітвай, ён поўніцца будзе сьвятлом.
 
Ты прачнесься, і сьціхнуць навокал вятры,
І апусьціцца пыл, нібы зоркі, зь нябёс
На зямлю да спалоханых белых бяроз,
І за вёскай на самай высокай гары
Хмара-птах разьняволіць свае кіпцюры...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.