Лес высокі з глыбокім карэньнем... Не палохайце лес вынішчэньнем! Лес трымае нябёсы над намі, І нябёсы – малітвай у Храме. Лес загіне – ня будзе нікога, І жалобнаю стужкай дарога Утравее ў прасторы пустым... ...Ды разьвеюцца попел і дым, І пральецца вада дажджавая, Нежывая вада і жывая, І карэньне ў зямлі зноў прачнецца, І ад кволай бярозкі пачнецца Новы лес на пакутнай зямлі, Дзе з табой, як ваўкі, мы жылі, Дзе палохалі нас вынішчэньнем І наш лес, што з глыбокім карэньнем, Як народ наш, які не баіцца У жыцьці, як у дыме, згубіцца... Не палохайце лес вынішчэньнем!
|
|