Зноў над ракою чаплі сівыя Ў плаўны палёт, як калісь, паплылі... Шчасьце маё і раны былыя Гускай і лотацьцю парасьлі. Рэкі вярнуліся да вытокаў. Тая, што сонцам была ў жыцьці, Недзе далёка, далёка, далёка, Так далёка, што лень ісьці. Ды і нашто? У задушнай кватэры Кволыя думкі ў сшытак пісаць? Ў бога хлусьні і нажывы верыць? Трохсотгадовыя транты зьбіраць? Нават на самую лепшую ў сьвеце, Нават на цёплыя вусны яе Я не зьмяняю вільготны вецер, Што ў сітнягах над Дняпром пяе. Сумны свой век няхай дажывае Зь іншым, з другім, пакінуўшы мне Рукі сяброў, жураўліныя зграі, Стрэльбу і рэк асеньніх сьвінец.
1969
|
|