РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда суботы
«У суботу прэч гані самоту...» –
Ты сказаў, як сьвечку запаліў,
І той сьвечкай асьвяціў суботу
І віна, нібы сьвятла, наліў
За сяброў і ворагаў, якія
Помняць, што ты ёсьць, як гэты сьвет,
Дзе мы ўсе самотныя, такія,
Як раса на восеньскай траве,
Над якой вятры лятуць і хмары
І зьнікаюць, як зьнікаем мы –
Хтось у полі, хтось у тлумным бары,
Хтось у чорнай цішыні турмы,
Бо ніхто ня прыйдзе і ня скажа:
«Я цябе, самотнага, люблю...»
І ўміг белым сьнегам стане сажа
І ўпадзе на грэшную зямлю
Зь неба, пад якім штодня згараем,
Верачы – камусь патрэбны мы,
Бо суботу, як вясну, чакаем,
Не спазнаўшы будняў, як зімы...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.