РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жанчыне з бэзам
І я прайшоў калісьці паўзь цябе.
Паўз вусны сьмелыя і рук прынаднасьць,
І змрок вачэй, глыбокіх, як сусьвет.
На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры,
Далёка так, што цэлага жыцьця
Мне не хапіла б даляцець да іх...
Не паляцеў...
І гэта так было,
Як быццам качаня не захацела
Агіднае да лебедзя ляцець.
О лебедзь мой, які я быў дурны!
Якой дарогай сноўдаўся па сьвеце,
Каму сябе аддаў і раздарыў?!
Начамі сон бяжыць вачэй халодных.
Начамі змрок. Халодны вецер сьвішча,
Каб разбудзіць зьмярцьвелыя дубы.
Крывавыя пупышкі вінаграда
Прыціхлі і чакаюць цёплых дзён.
А ты ляжыш, і трапятаньне вей
Бяссоннае, як трапятаньне крыл...
...І сёньня я ўначы цябе успомніў:
Ты крочыла па вуліцы вясеньняй,
Трымаючы ў руках шалёны бэз,
Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў,
І сонца ў люстрах дажджавых ляжала
Пад кожным крокам дарагім тваім.
А вочы – два глыбокія сусьветы –
Паўзьверх вільготных і пахучых гронаў
Зь пяшчотаю глядзелі на мяне.
Я зразумеў.
Яны ж мяне вучылі
Калісьці нездрадліваму каханьню,
Каханьню маладому, на якое
Ня зьменіш вопыт схаладнелых год.
Ім нельга здрадзіць, і забыць іх нельга,
Як нельга з сэрца выкінуць пяшчоту
І подла здрадзіць бэзу і сабе...
...Якая раніца ляжыць над сьветам!
Які разьліў! Да гарызонта сінь!
І ветразі зялёных вербалозаў
На сініх водах – зараз страпянуцца,
Напоўняцца і ў грэкі паплывуць.
Ты, што мяне чакаць даўно забыла,
Дапамагла мне, ўспомніла, прыйшла...
...Будзь блаславёна, доўгае жыцьцё,
Яшчэ ня скончанае ў добрым сьвеце.
Ўсё будзе. Толькі гронаў тых ня будзе,
Цябе ня будзе і тваіх вачэй.
А можа?
                  Глянь, як сьвет вакол чакае
Сьвятла і цеплыні, даўно забытых.
Чакае дуб скарэлы на пагорку,
Чакаюць хаты сонечных праменьняў,
Чакаюць вішні белых пакрывалаў.
Душа чакае крыл.
                                      І на адхонах
Вось-вось, здаецца, расквітнее бэз.
 
4.V.1962. Рагачоў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.