РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вялікая, самотная Расія,
Заўсёды ў золаце і ў лахманах,
Глядзіш у далечы, табе чужыя,
Нібы на голае дзяўчо манах.
А мы ня ўдалечы, мы прад табою,
Ня бойся, мы нікуды не ўцячом
І не зьнясём сваю зямлю з сабою
Ні ноччу цёмнай, ні найсьветлым днём.
Вялікая, самотная Расія,
Як многа азіятчыны ў табе,
Ды гарады люблю твае малыя,
Дзе ў ноч на вадасьцёкавай трубе
Іграе вецер Глінку для паэта,
Які прыехаў не з краёў чужых,
А зь сьветлага бярозавага лета,
Дзе многа прыгажуняў маладых,
Што хочуць годна жыць пад родным небам,
Дзе вечна продкі нашыя жылі,
Якім зямлі чужой было ня трэба,
Ды не цураліся сваёй зямлі.
Вялікая, самотная Расія,
Вялікай будзь, як боскія дамы,
Не з-­за таго, што зьнікнем мы, «малыя»,
А з-­за таго, што будзем мы!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.