РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вецер халодны, нібыта сабака галодны,
Жоўтае лісьце зрывае з прамоклых кустоў.
Чорныя ў полі дарогі, нібыта палотны,
Мокнуць пад небам зьніжэлым, дзе шлях журавоў
Зьнік за аблокамі белымі, быццам за дымам
Зьнікла самотная, як адзінота, Радзіма.
 
Вецер халодны, і далеч, як доля, чужая
З вочаў маіх выпівае жывое сьвятло,
І мне душу цемнатой, як вадой, напаўняе
І вымывае зь мяне роднай хаты цяпло,
Тут безь якога ў чужыне мне жыць немагчыма,
Хоць і чужына прыгожая, нібы Радзіма.
 
Вецер халодны, нібыта бандыцкая зброя,
Вецер халодны, ды трэба ісьці ды ісьці
Полем, дзе ўсё амярцьвелае, шэра-чужое,
Хоць і сьвятло 'шчэ цяпліцца ў зжаўцелым лісьці,
Што над дарогай лятае, ня знае спакою,
Быццам бы я на чужыне з самотнай душою...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.