РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сасновы лес. Туман, нібыта дым,
І цішыня, нібыта час спыніўся.
І купал неба над жыцьцём маім
Аблокамі, як фрэскамі, сьвяціўся.
І я стаяў на беразе ракі,
Нібы Харон,
                            які свой човен страціў.
Ля ног маіх туманныя ваўкі
Ляжалі, іх я, адзінокіх, гладзіў.
І я зьнікаў з жыцьця, нібы са сна,
Які прысьніўся мне ў далёкім сьвеце.
І праз раку засохлая сасна
Ішла і несла на галінах вецер...
І вецер зашумеў. І зьнік туман,
І час пайшоў, і далеч пасвятлела,
І лес зайграў, як велічны арган,
І музыка, нібы анёл, ляцела
Пад купал неба
                                  над жыцьцём маім
І ў вышыні бяздоннае зьнікала,
Так, як зьнікае
                                па-над сьвечкай дым,
Так, як – раса,
                                што на пясок упала.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.