РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хата

#1
Падмурак
падмурак гэта каменны востраў
у зялёным моры травы
на якім рана ці позна ўзьнікае жыцьцё
падмурак гэта пачатак
які нічога не абяцае
але сваёй каменнасьцю
ён здольны настаяць на сваім
і даць нам веру
што мы тут ёсьць невыпадкова
бо ў нас ёсьць свой падмурак
як карэньне радаводнага дрэва

 

#2
Сьцены
сьцены забіраюць у нас волю
але забіраючы волю
сьцены бароняць нас
і даючы нам сілу
слухаюць усе нашы таямніцы
і мы верым у сьцены і сьценам
і вешаем на сьцены абразы і зброю
і ставім да сьцен сваіх ворагаў
і б’ёмся аб сьцены
і стаім ля сьцен
як ля саміх сябе

 

#3
Дзьверы
замкнутыя дзьверы супакойваюць
і самі супакойваюцца
яны нам служаць
але не прыслужваюцца
бо яны ведаюць хто і што
за імі

 

#4
Вокны
мы падыходзім да вокнаў
каб бачыць і быць бачнымі
вокны зачыняем стаўнямі
нібы хаваемся ў сваё я
адчыняем стаўні
нібы адчыняем клетку
у якой жыве цяпло
і вокны да пары да часу
чыстыя і сьветлыя
як думкі дзяцей
якія вераць у казкі

 

#5
Страха
страсе бывае страшна
калі ўздымаецца буран
але страха нас страхуе
хоць і сама безабаронная
як наша жыцьцё пад ёй

 

#6
Гарышча
гарышча гэта гарэм павучыны
напоўнены змрокам і пылам
і самотны матыль
які ад холаду ўцёк на гарышча
ляціць да майго ліхтара
як да анёла свайго

 

#7
Комін
комін заўсёды на вышыні
бо ён комін
бо ён дае волю дыму
бо ён дыхае небам
бо ў ім грэюцца вятры
і ён добры
хоць нутро ў яго чорнае

 

#8
Падлога
падлога ня любіць сьмецьця
і яна холадна на ўсё рэагуе
і мы дагаджаем ёй
і мыем яе і шаруем
і сьцелім на яе дываны
але падлога рыпіць незадаволена
бо яна ведае нас

 

#9
Столь
столь гэта наша тутэйшае неба
пад якім нам сьветла і сумна
столь гэта наша доля
і ў кожнага яна свая

 

#10
Печ
печ у цэнтры
як сарцавіна радаводнага дрэва
на печы грэецца кот
а ў запечку цвыркуны
і ўсім добра
і ў печы трымаецца сьвятло
як душа ў чалавеку

 

#11
Парог
парог пераступаем
нібыта баімся што ён укусіць
а ён бяскрыўдны
хоць часам бывае вельмі высокім
і парог разьдзяляе сьвет
на наш сьвет і запарожжа

 

#12
Сенцы
у сенцах кашы
як гнёзды
у сенцах крыху змрочна
як восеньню
сенцы даюць магчымасьць падумаць
ці ісьці ці вярнуцца

 

#13
Ганак
ганак ганарлівы
і яго ня трэба ганіць
бо калісьці на залатым ганку сядзелі
цар царэвіч кароль каралевіч
і ганак памятае пра гэта
і на ганку любяць сядзець дзеці
як на краі сьвету
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.