РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьмерць
1

 
яна жыве ў цемры
забіраючы нас у цемру
яна цемра якая жыве
яна ноч перад нараджэньнем
яна нараджэньне
і я іду ў цемру
ведаючы што яна наперадзе
куды б я ні ішоў
 

2

 
яна агонь які спальвае цемру
які апальвае зямлю і неба
які сам згарае
каб згараючы ажыць
і я гляджу на агонь
як на д’ябла
 

3

 
яна вада якая забівае агонь
якая дае жыцьцё
каб яго забраць
яна можа ператварыцца ў лёд
як чалавек у ваўкалака
яна можа быць туманам
каб прысутнічаць на зямлі і над
і я ідучы праз туман
ведаю што іду празь яе
 

4

 
яна вецер які разганяе туман
вецер які ўздымаючы хвалі
разьбівае іх аб бераг
вецер які разьдзімае агонь
і сам захлынаецца ў дыме
і я спрабуючы раскласьці вогнішча
злуюся на вецер
які тушыць мае запалкі
 

5

 
яна гэта дым
які ўздымаючыся ў неба
як ведзьміны валасы
хавае ад мяне сонца
яна дым Айчыны
які заўсёды салодкі
а салодкай часьцей за ўсё бывае атрута
 

6

 
яна гэта гостры меч
якім ня толькі расьсякаюць вузлы
меч які заўсёды ў мяне
меч зь якога пачынаецца цемра
якую размывае вада
у якой захлынуўся агонь
а я ідучы праз туман
іду на пах дыму
 

7

 
яна гэта дзікі зьвер
які сочыць за кожным маім рухам
які есьць сам сябе
зьвер якога можна прыручыць
і стаць самому зьверам
 

8

 
яна гэта я
 

9.1. Цемра

 
цемра гэта ня ноч
гэта альфа і амэга дня
гэта сутнасьць у якой няма сэнсу
гэта глыбіня ў якой няма мяжы
цемра заўсёды пільнуе нас
і як сабака віжуе за намі
пранікаючы ў нас як атрута
яе мы баімся
як уласнага ценю
які ўсьлед за намі валачэ нашы галовы
напоўненыя цемрай
цемра гэта кроў д’ябла
у якой мы як матылі праз агонь
пралятаем праз сэрца цемры
празь Сьмерць
цемра гэта вечнасьць
у якой нам быць
але быць толькі цемрай
але як альфа і амэга
 

10.2. Агонь

 
там дзе агонь ёсьць сэнс
у дні і ў начы
але там дзе агонь
агонь пазначае сваё
ён ведае ён валодае
ён адкідвае ад сябе цень
які адразу стаўшы дымам
набывае самастойнасьць
агонь гэта вір цяпла
у якім патанае ўсё
агонь гэта язык цмока
дух якога мы выклікаем
не разумеючы што мы робім
распальваючы вогнішча
 

11.3. Вада

 
вада была напачатку
калі была вада
і быў дзень і была ноч
і Богу было Богава
і д’яблу было д’яблава
і я быў вадой
і падалі зоркі ў хвалі
і плыў карабель па вадзе
у пошуках вады
 

12.4. Вецер

 
калі заціхне вецер
тады прыйдзе канец сьвету
і вецер б’ецца аб неба
як матыль аб шкло саркафага
у якім узьнікла жыцьцё
 

13.5. Дым

 
я гэта толькі дым
ад факелаў
якія асьвятлялі шлях на Галгофу
 

14.6. Меч

 
ніхто ня дасьць мне ў рукі меч
яго няма
але ён існуе
як існую я
 

15.7. Зьвер

 
бойцеся зьвера
не таго што ходзіць па лесе
а таго што ў вас
і нельга забіць зьвера
не забіўшы сябе
 

16.8

 
я гэта сьмерць
 
1996
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.