РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зіма
Зіма гэта сьвятло
Якое як Бог сышло на зямлю
Сьвятло ня вечнае як сьнег
У якім яно існуе
Як сонца ў аблоках
Зіма гэта сьцюдзёны агонь
У якім як чэрці ў пекле
Мяцеліцы і вятры
Агонь у якім згарае
Восеньская самота
Агонь у якім выплаўляецца
Вясновае срэбра вады
І я праходжу праз гэты агонь
Як праз свой цень
Зіма гэта дым
Як дым Айчыны
І ў ім губляюцца
Першыя і апошнія словы
Як дванаццаці апосталаў
Дванаццаці месяцаў
І зьнікае гэты дым у вечнасьці
Як вада ў пяску
Зіма гэта сон
Які сьніцца сонцу
Дзе чорныя вароны
Попел
Які пераносіцца ветрам
З аднаго берага часу на другі
І сьніцца мне гэты сон
Як пацалунак сьмерці
Зіма гэта белы цень
Чорнага неба
Дзе кожны з нас пракладае
Свой Млечны Шлях
Цень якога чакаюць і баяцца
І прыходзіць гэты цень
Як дзень апошні
За якім пачатак
Зіма гэта люстэрка
У якім я ня бачу сябе
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.