РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Холад ля хаты пасе сьнегіроў.
Сонца замецена сьнегам у полі.
Бацька дадому сьцяжыну прывёў,
Сьледу ня бачна ва ўсім навакольлі.
Аб даланю ён цярэ даланю,
Тупае весела, курыць цыгарку.
Маці гаворыць: «Ідзі да агню».
Бацька сьмяецца: «А лепей бы чарку».
Мурзік на печы ля нас не ўсядзеў,
Скочыў да бацькі за стол, на калені.
Воўну і песьню матуля прадзе,
Не заўважае сьлязы ў задуменьні.
Гэты малюнак прыпомніўся зноў.
Аркуш паперы ў мяне прад вачамі.
Полем, дзе сонца пад бельлю сьнягоў,
Песьня матулі плыве за плячамі.
 
22.IX.1982.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.