І вольны воўк маіх лясоў Завыў прад сьмерцю, як шалёны. А на траву сьцякала кроў, Зямля рабілася чырвонай. З крывёю сьлёзы на вачах, Але ў вачах – нябёсам воля. Як ён любіў! Цяпер ня страх Памерці ў гэтым чыстым полі. Яго баяліся браты, Ня то што людзі ў цёплых норах. І ён са сьмерцю быў на «ты», І сьмерць – яго любіла нораў. Як ён няволю не любіў! На'т меней пракліналі людзі За тое, што ён ім рабіў. Цяпер каго клясьці ім будзе? І вось апошні міг жыцьця, Апошні ўздых, як разьвітаньне... Яшчэ сабакі ўсьлед ляцяць, Яшчэ віруе паляваньне.
|
|