РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Калі анёл над намі пралятаў,
Я быў сьляпы, як тысячы сьляпых,
Якімі д’ябал спрытна кіраваў,
Сьмяяўся з дурнаты рабоў сваіх.
 
А я сядзеў прад пляшкаю віна,
Нібыта прад іконаю сьвятой.
І пляшка чорная, нібы сьцяна,
Была паміж Айчынаю і мной.
 
Я піў віно, жанчыну цалаваў
І грошы рассыпаў, нібы сьмяцьцё.
І на стале маім расла трава,
І гэта ўсё я называў жыцьцём.
 
Я быў сьляпы ад грошай і віна,
Але не ад жанчыны маладой.
Прыгожаю, як сон, была яна,
Але таксама, як і я – сьляпой.
 
Нас асьляпілі сонцам нежывым,
Нас аглушылі музыкай чужой.
Я быў наіўным і зусім дурным,
Мы гэта называлі: «быць сабой».
 
Хаця анёл над намі пралятаў,
Але не акрылілася душа.
І д’ябал ачумела рагатаў,
Анёлак плакаў з чыстых крыл крыжа.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.