РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвята
Якое тут сьвята, калі анічога ня сьвята!
Традыцыі ўсе да кірмашнага гандлю зьвялі.
Па вуліцах ходзім натоўпам, і многія рад,
Што гэтак хоць зрэдку хадзіць нам дазволіць змаглі.
 
Сьмяюся з плякатаў і лаю халтуру бязбожна,
І родную песьню мне хочацца ў тлуме пачуць.
На вуліцы сёньня ў кіёсках купіць усё можна,
Купляць мне да плачу абрыдла: «Я Сьвята хачу!»
 
А людзі купляюць і песьні сьпяваюць чужыя,
Ствараюць ілюзію сьвята душы і вачам,
Што крыкнуць ахвота: «Якія вы, людцы, дурныя»,
І крыкну, і буду крэцінам апошнім я сам.
 
Ды ўсё ж хай хоць сёньня хто хоча сьпявае, сьмяецца,
Бо вольна так музыка ў горадзе рэдка гучыць.
А заўтра ад сьвята на вуліцы сьмецьце адно застанецца,
І дворнікі лаяцца будуць да самай начы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.