Невядома адкуль прылятае блакітная птаха, Невядома куды мы ляцім на планэце між зор. Адзінота мая на каленях стаіць перад страхам, І чырвоны язык цемнаце выстаўляе касьцёр. Я палю суцяшэньняў пустыя салодкія словы Ад абрыдлых знаёмых і вечна занятых сяброў. Колькі часу наіўна шукаю на шчасьце падкову, Ды гавораць, што шчасьце жыве ў жыватах кашалькоў. Не цяплю спадзяваньняў на ласку магутнага Бога, На касьцёр спадзяюся, якога баяцца ваўкі. Безь мяне не самотная ў полі вятрыстым дарога, І ня сьпяць ля яе залачаныя дрэў кулакі. Можа, лепей бы дома сядзеў, і глядзеў тэлевізар, І газэты чытаў, каву піў, і задумна курыў, І душу апранаў у сьвятыя нябачныя рызы, І, нібыта прарок, маладым пра жыцьцё гаварыў? Ды ня знаю, адкуль прылятае блакітная птаха, Ды ня знаю, куды мы ляцім на планэце між зор. Я з калень устаю перад зоркай сваёю і страхам, І чырвоны язык цемнаце выстаўляе касьцёр.
|
|