Мы з табою ішлі па дарозе, А дарога бясконцай была. У вачах тваіх высьпелі сьлёзы – Дзьве сяброўкі самоты, сьвятла. Мы ў высокія травы прыселі, Узрасьцілі высокі касьцёр. Іскры днём у нябёсы ляцелі І вярталіся ноччу ад зор. Ты глядзела ў прастору бясконца, Распусьціла тугую касу. І казала, чакаючы сонца: – Табе шчасьця я не прынясу. Зьнікла ты, як зьнікае трывога, Са сьлязамі ў глыбокіх вачах. І ня мог адшукаць я дарогі, І ня мог у цішы закрычаць. Я па травах хадзіў, нібы вецер, І твае не знаходзіў сьляды. Мне было адзінока на сьвеце, І пра гэта ня ведала ты.
|
|