РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
За акном, як у бездані, ходзіць туман,
І ў тумане, як шэрыя глыбы, дамы.
Я за праўду люблю, не люблю за падман
І людзей, і сябе, і пачатак зімы.
 
Яшчэ цёпла ў задворках і сьнегу няма,
Толькі вечарам сонны туман за акном.
Гэта ў горад ідзе ў маскхалаце зіма,
Гэта дорыць нас восень апошнім цяплом.
 
Сёньня доўга крычалі ўначы журавы,
Адклікалася болем на крыкі душа.
Пабялелі ад холаду пальцы травы,
І Дарогаю Млечнаю сьвеціць шаша.
 
І пацягне мяне ў невядомы прастор,
Так далёка, адкуль ці вярнуся назад.
Адна толькі каханая крыкне: «Пастой!»,
І дагоніць, нам разам ісьці ў сьнегапад.
 
Але ўсё ж нечакана прыходзіць зіма,
Як прыходзіць каханьне, як шчасьця сьвятло.
Яшчэ цёпла ў задворках і сьнегу няма,
Толькі й лета даўно, як расстаньне, было.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.