РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Горад Утопія
Трыпціх

#I
на пляцах волі воляй і ня пахне
на пляцах Утопіі помнікі ўтапістам
дамы і турмы перанаселены
і сьмецьце і грошы д’яблавы
сьцягі як анучы нямытыя
вісяць на дамах Утопіі
і зрэдку вароны галодныя
садзяцца на іх і гарланяць
гарланяць пра тое што думаюць
а людзі чытаюць газэты
дзе чорнай фарбай напісана
пра сьветлае заўтра Утопіі
а сьветлае заўтра на могілках
магілы капае глыбокія
і ставіць слупы мармуровыя
а я іду па праспэкце Утопіі
нібы калідорам турэмным
дамы як камеры на замках
сьцерагуцца міліцыянтамі
машыны жукамі бяскрылымі
шныруюць аж дым да нябёс
а ў маёй кішэні дакумэнт Утопіі
а ў маёй руцэ торба
што кацілася з высокага горба
і былі ў гэтай торбе
хлеб ды пшаніца
і не хацеў я ні з кім дзяліцца
ды безь мяне ўсё разьдзялілі
і цяпер іду з пустой торбай
як з біркай на якой напісана
што я жыхар Утопіі
заходжу ў гастраномы як у Той Сьвет
дзе кожны тавар ведае сваю скрыню
заходжу ў кнігарні дзе кнігі ўтапістаў
кнігі якіх нават мышы не чапаюць
стаяць на пыльных паліцах
як у чарзе на Страшы Суд
заходжу ў Храмы дзе сярод вернікаў
ходзяць Вушы Утопіі
заходжу ў паркі культуры
дзе сярод сьмецьця сядзяць і стаяць
каменныя чужынцы ўтапісты
іду па праспэкце Утопіі
і куды ні зайду ўтопія
і куды ні зазірну ўтопія
і што ні прачытаю ўтопія

 

#ІІ
ці анёлак ці бог яго ведае хто
ляцеў па-над натоўпам
а-а-а паразіналіся на трыбунах
у-у-у завыў натоўп
міліцыянты праглынулі сьвісткі
і толькі п’яніцы гарланілі ура
а мы з табой маўчалі
але маўчалі так як маўчыць бомба
анёлак ці бог яго ведае хто
ляцеў і сьмяяўся
і ад яго сьмеху абсыпалася шкло з партрэтаў
зрываліся замкі са складаў і турмаў
лопаліся як мыльныя пухіры
галавастыя бюсты гэрояў утапістаў
уставалі з магіл нявінныя
абалваненыя пад адзін капыл салдаты
надумаліся страляць па анёлку
ці бог яго ведае па кім
і стралялі і траплялі ў натоўп
а над горадам ляцеў анёлак
ці бог яго ведае хто
і толькі п’яніцы гарланілі ўра

 

#ІІІ
і выйшаў на вуліцу Не Такі Як Усе
і сказаў тое што думае
і сабраўся натоўп
і стаў слухаць-гадаць
а што гэта ён гаворыць
ня так як усе
і ад яго слоў
стаў рассыпацца горад Утопія
у абалваненых пад адзін капыл салдат
зьявіліся не абалваненыя думкі
на сьценах горада зьявіліся новыя плякаты
у магазынах зьнікла тое што і было
а чарты у сваім залатым пекле
сядзяць ля поўных катлоў
а анёлы лятаюць у небе
сярод сьветлых душ
а на праспэкце Утопіі
зьявіліся людзі
зьявіліся людзі

 
30.III. – 3.IV.1990.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.