РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казка пра залаты зьлітак
Па тлумных вуліцах сталіцы
Каціўся зьлітак залаты.
Вішчэлі дзіка маладзіцы:
– Куды ён коціцца, куды?!
 
За ім сьпяшаліся мужчыны
У торбах несучы віно.
І павылазілі з машынаў
Усе, хто не хадзіў даўно.
 
Цыганкі зь дзетварой мурзатай
Нядолю лаялі услых.
Фуражкі скінуўшы, салдаты
Неадставалі ад усіх.
 
І іншаземцы беглі сьмела,
І прастытуткі, і дзялкі.
І на мятле Яга ляцела,
Сабакі вылі, як ваўкі.
 
І вершы кінуўшы, паэты
Таксама беглі, – хто як мог.
І пыл падняўся па-над сьветам,
Ажно закашляўся пан Бог.
 
Сьвятыя паўцякалі з раю,
А зь пекла грэшнікі ўцяклі.
І не было канца і краю
Пагоні дзікай на зямлі.
 
А зьлітак залаты каціўся,
І д’ябал гучна рагатаў.
Аб камень зьлітак той разьбіўся
І кучаю брыдоты стаў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.