РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда карліка
Закахаўся карлік у князёўну,
Перад Ёю ходзіць на руках.
Для князёўны гэта – усё роўна,
Бо ён карлік у Яе вачах.
 
І Яна сьмяецца аж рагоча,
І цукеркі кідае – служы.
Ну а ён глядзіць па-рабску ў вочы,
Да ўсяго гатовы – на'т ня жыць.
 
Па начох партрэт Яе малюе
І цалуе, як Яе, партрэт.
За каханьне сам сябе лупцуе
І кляне пракляты гэты сьвет.
 
У акно ён Ёй кідаў букеты,
І князёўна цалавала іх.
Ён з кустоўя паглядаў на гэта,
Выбегчы гатовы кожны міг.
 
Раўнаваў да кожнага мужчыны,
Нават да партрэтаў на сьцяне.
Колькі раз каханьне да адзінай
Ён тапіў, самотны, у віне.
 
І цяпер для сьмеху перад Ёю
Бегае, нясьмешны, на руках
І трасе, як цацкай, галавою,
Шаргунок галосіць у зубах.
 
Не стрываўшы рабскае пакуты,
Кінуў шаргунок у ейны сьмех,
І з палаца, нібы зьвер той люты,
Ён на волю і на сьмерць пабег.
 
...Год прайшоў як век. Яго ня помняць.
Топча кат, нібы сьвятар, зямлю.
Толькі сьняцца карлікі князёўне,
Дзякуюць за моцную пятлю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.