РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда апошняга рыцара, які трапіў у чарнобыльскую зону
Апошні рыцар Беларусі сумнай
Праз поле едзе на кані сівым.
Тупая дзіда, без шчыта, задумны,
Сто раз паранены, але жывы.
Сьмяротны вецер гойсае па полі,
Якое ад чужынцаў ратаваў.
Душа крычыць ад незямнога болю.
Ад дум зямных цяжэе галава.
Заплакаць час – ды рыцары ня плачуць.
Жыцьця ня чутна, быццам быў памор
І ўсе памерлі, толькі цені скачуць
І крыльле крыжам воран распасьцёр.
Крыжасты цень плыве па жоўтых травах
І ў травах Гады моляцца, каб жыць.
Ты зьведаў сорам, і ты зьведаў славу,
Цябе спазналі дзіды і нажы.
Тут і цяпер змагацца ты гатовы:
– Выходзь, чужак, за гора адказаць!
Крычыш, лятуць над мёртвым краем словы.
Як на вар’ята Гады ўсьлед глядзяць
І ў норах зашываюцца лісіных.
– Тут можна сеяць хлеб і багацець!
Рыпяць у сьвет бязмозглыя машыны.
Спрачацца зь імі – трэба звар’яцець.
Ты дзіду ўпэўненна ў руцэ трымаеш:
– Ану хутчэй выходзь жа, ліхадзей!
Ці знойдзеш ты яго? Ніхто – ня знае.
Сьмяротны вецер голадна гудзе...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.