РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казка пра цмока
У сьцюдзёных, як лютыя зімы, скляпеньнях,
У цямнечы гнілой, закаваны ў ланцуг,
Цмок сядзіць і грызе звар’яцела каменьне,
І жыве ў ім нячысты няскораны дух.
Цмок да волі ірвецца, як травы да сонца,
Чорнай помстай кіпіць звадзянелая кроў.
Цмок крычыці і раве невыносна-бясконца –
Аж трасецца зямля. Разьлятаецца роў
Па Айчыне маёй, жахам поўнячы душы.
Цмок жа не вінаваты сягоньня зусім,
Што жыве чалавек, нібы цень той, нядужы,
Д’ябал сьмела лятае, рагоча над ім.
Ды ўсё роўна гавораць, што цмок вінаваты.
Хто гаворыць вось так, той ня лепшы, чым цмок,
Той ня бачыць на вокнах турэмныя краты,
На дзьвярах той ня бачыць турэмны замок.
Цмок крычыць і раве, ды няма ў яго сілы,
Каб парваць свой ланцуг і на волю пайсьці.
І скляпеньне ўсё ж стане ягонай магілай,
І магілы яго нам павек не знайсьці.
Не знайсьці, каб валун на магіле пакласьці
І на тым валуне на вякі напісаць:
«Тут ляжыць наша рабскае бруднае шчасьце!
Больш ня дайце сябе падмануць, зваяваць!»
І пакуль цмок жывы, праклінайце, судзіце
Вы яго. Нам яго і клясьці і судзіць.
Ды падчас на суседа свайго паглядзіце –
Ці ня цмокаў намесьнік тут з вамі сядзіць?
Цмок да волі ірвецца і волю губляе,
І слабее яго невыносьлівы роў.
Д’ябал сьмела над намі, як доля, лятае,
І сьцякае па кіпцях нявінная кроў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.