РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У ката закахалася паненка,
З дурною сьмерцю заручоны кат.
Яму паненкі сьвецяцца каленкі,
Яму паненкі ласкавы пагляд.
 
А ён, як ноч, пасьля работы чорнай
Глядзіць у кубак, дзе, як кроў, віно.
Душою адзінокі, быццам воран,
Каханьнем не цікавіцца даўно.
 
На шыі крыж вісіць не цалаваны,
І крыж цяжкі схіляе галаву.
Ты кат, але ці позна а ці рана
І ты таксама сыдзеш у траву.
 
Цябе ня знаюць тут, і ты шчасьлівы,
Відаць, каб зналі, дык ня жыў даўно б.
Усім тут абыякава надзіва:
Ці кат, ці князь ты, ці зусім гаўно.
 
Наіўная, спакусьніца-дурніца,
Ня знаеш ты, што ён такім, як ты,
Галовы сек, што вылі, як ваўчыцы,
Ліў волава ў галодныя раты.
 
Паненка коткай круціцца ля ката,
Яго асьвечвае сьвятлом грудзей.
А ён сядзіць, нібы валун пракляты,
Вачмі маланкі кідае ў людзей.
 
Яна злуецца і гарыць бяз дыму:
«Ня буду жыць, калі не спакушу.
Забудзе ён і жонку і Радзіму
І вырве мне з грудзей сваю душу!»
 
Ён кат, але ж і чалавек таксама.
І падхапіўся ён і ў ноч пабег:
«Ня дай мне звар’яцець старому, мама!»
Гайнёй сабак ляцеў за катам сьмех.
 
А крыж на шыі біўся як шалёны,
Душу з грудзей сьсівелых выбіваў.
Прачнуліся на могілках вароны,
І вартаўнік спалоханы сканаў.
 
Кат бег да сьмерці ад жыцьця зьдзічэлы
І ўсюды бачыў чарапы і кроў.
Паненкі цела голае ляцела
На чорным, як той сьвет, крыжы мячоў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.