РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Два вершы

У вянок бабулі Ганьне

 

#1
я помню бабуліны казкі
я помню бабуліны песьні
я быў малы і непаслухмяны
паліў кастры на ганку
верыў у добры агонь
хадзіў па лугах і палях
размаўляў з птушкамі
хадзіў да ручая ў лес
размаўляў з вадой і дрэвамі
гэтаму мяне навучыла бабуля
за агонь на ганку мяне лаялі
з размоў з птушкамі вадой і дрэвамі
мае аднагодкі сьмяяліся
але я верыў у лепшае
гэтаму мяне навучыла бабуля
і ходзячы па белым сьвеце
я сьпяваў і плакаў
я сумаваў і сьмяяўся
і колькі б я ні хадзіў
я заўсёды вяртаўся дахаты
гэтаму мяне навучыла бабуля
і сёньня калі я не магу
пагаварыць зь ёй пра жыцьцё
я размаўляю з агнём і птушкамі
з вадой і дрэвамі
я чую бабуліны казкі
я чую бабуліны песьні
я чую бабуліны крокі
і нельга мне быць малым
і нельга мне быць вялікім

 

#2
стаю ля сьвежавыкапанага дола
сярод кветак і сваякоў
гляджу на той сьвет
у які адплывае бабуля
у руцэ трымаю сьвечку
асьвятляю былое і будучае
асьвятляю гэты і той сьвет
сьвятар чытае малітву
напамінае пра тое што мы ўсе тут часова
мы ўсе павінны вярнуцца дамоў
жанчыны моляца і плачуць
мужчыны і дзеці маўчаць
трапечуць агеньчыкі сьвечак
на нас глядзіць і дыхае неба
і ня страшна памерці
і ня страшна жыць
глядзім на той сьвет
у які адплывае бабуля
а мы стаім на беразе
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.