РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пакутнік

Сяргею Новіку-Пяюну

 
У небе Айчыны чарнюткія краты,
І чэрап у небе – ня сонца – плыве.
Пры новай уладзе ён зноў вінаваты,
Што ён Беларусам зьявіўся на сьвет.
І гоняць ізноўку яго да магілы,
І дротам калючым прыгожыцца шлях.
І воранаў чорных чарнюткія крылы,
І белыя крылы анёлаў, і жах
Над шляхам яго, над людской непакорай.
І будзяцца песьні пад звон кайданоў,
І будзяцца сілы, каб выжыць у горы,
Вярнуцца і ў гора патрапіць ізноў.
Навокал чарнеюць крывёю курганьні,
І вёскі пустыя, і выюць ваўкі.
Ён помніць апошняе з маці спатканьне,
І спадчыну дзеляць штодня чужакі.
І колюць штыкамі па-рабску у сьпіну
Служакі, што вераць у сьветлы прасьцяг
І ў зорнае заўтра турэмнай Айчыны
І крочаць па братняй крыві і касьцях.
Цяжэюць ватоўкі, зьвярэюць сабакі,
І холад, і голад зьбівае ўсіх з ног.
Сьмяротнікаў новых чакаюць баракі,
І ямы чакаюць – ля чорных дарог,
І працу чакаюць культурныя каты...
Душа паўтарае: «Айчына жыве!»
А ў небе Айчыны турэмныя краты,
І чэрап у небе – ня сонца – плыве.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.