РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда
Яны прыйшлі, і ноч прыйшла сівая,
Іржалі коні іхнія ў цямнечы.
І чулі ўсе, як Хам п’яны сьпявае
Пра косы доўгія і белы плечы.
І ехалі чужынцы, і гарэлі
За імі сьлёзы, храмы і палацы.
І птушкі беларускія нямелі,
І ў кулакі зьліліся пальцы.
І павылазілі з-пад пнёў вужакі.
Зьляцеліся і ведзьмы, і вароны.
З тупых мячоў лізалі кроў сабакі,
І плыў у небе дым, як кроў, чырвоны.
І не было ратунку анікому,
Ня чуў малітвы Бог пад чорным небам.
А хочаш жыць, дык кланяйся чужому
Гаспадару, вітай чужынца хлебам.
Ды косамі і віламі віталі
Чужынцаў, што з крывавымі рукамі.
І толькі служкі хамавы крычалі:
«Мы будзем вечна вашымі рабамі!
Наш родны край пры рабстве стане раем!»
...І людзі прывыкалі да пакутаў.
І хамскі крык ляцеў над белым краем
І ў душы бедныя ўлятаў атрутай.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.