РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Начнога вакзала гнілое паветра,
Бясконцае груканьне цяжкіх дзьвярэй.
Афішы, са сьцен абарваныя ветрам,
Пад ногі кідаюцца мокрых людзей.
А дождж не сьціхае. І столь працякае,
Калюжына ў зале расьце і расьце.
Высокі хіпак пад гітару сьпявае,
Заснуць не дае. На дварэ ў цемнаце
Стаяць за пэронам пустыя вагоны.
Залезьці б у іх ды салодка заснуць!
Ваду лейтэнант абтрасае з пагонаў,
Нібыта баіцца, што зоркі сплывуць.
Насупраць яго
                                маладая кабета
Рэклямна сумуе на цэлы вакзал:
То возьме часопіс, то возьме газэту...
І ўжо лейтэнант, быццам бы генэрал,
Сядае бліжэй, прапануе гарбату...
А побач вяскоўцы стамлёныя сьпяць,
Патрацілі грошай сягоньня багата,
Ды толькі пакупак амаль не відаць.
Цыганскія дзеці па сонным вакзале
Шныруюць, як чэрці, і просяць рубля.
Капейку дасі – на капейку пахваляць
І зробяць за тройку зь цябе караля...
Гляджу на гадзіньнік, нібы на ікону.
Як штосьці сьвятое, білет берагу.
А міма вакзала грукочуць вагоны
І нашыя цені за імі бягуць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.