РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда разбойніка
Паходня патухла, і ў цемры сырой
Заплакаў разбойнік, ад страху сагнуты.
Нядаўна яшчэ ён ішоў, як гэрой,
У пошуках скарбу, хваліўся пакутай,
Якую ў бядоце дурной перажыў.
Бядота з гультайства, бяднота рабоў
Душу прымушае гавець у няволі.
Нямнога патрэбна для рабскай душы:
Міраж абяцаньняў, і звон медзякоў,
І песьня аб лепшай нязьведанай долі.
Ён вырваўся з рабства –
Застаўся рабом –
Галодны і біты, бязбожны і грэшны.
Ён раб жывата, ён памрэ жабраком
Над кучай багацьця, і сьмерць будзе сьмешнай
У гэтым скляпеньні, дзе цьвіль, павукі.
Паходня патухла ад подыху д’ябла,
І выпала шчасьце з дрыжачай рукі –
Украдзены ключ ад крывавага скарба.
Разбойнікам быў, заставаўся рабом,
Слабейшых рабоў адпраўляў у магілу.
Ён поўзаў па брудзе за чорным ключом
І кляў сваю долю, нячыстую сілу.
І ключ адшукаў, і заплакаў, завыў,
І ў цемры папоўз, як сьлімак, да багацьця.
А па-над скляпеньнем
Анёл сьмерці плыў,
Чакаў небараку, слабога для шчасьця.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.