РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Па дарозе бясконцай, як вечнасьць зямная,
Скача коньнік у замак, якога няма.
Ён вяртаецца зь бітвы, ніхто не чакае,
Уладарыць жыцьцём раўнадушша зіма.
Ён нясе для князёўны сваю перамогу,
Ён каханьне сваё да князёўны зьбярог...
...Зарасла да багатай капліцы дарога.
Дый капліцы няма. Толькі ведае Бог
Тое мейсца сьвятое людскога спачыну,
Толькі ведае Бог, дзе стаялі дамы,
Скуль пайшлі бараніць ад чужынцаў Айчыну
І князі, і халопы. І Храм той нямы,
Што людзей абуджаў да любові, спагады,
Храм, дзе мейсца было, каб душою ажыць...
Скача коньнік дамоў, блішчаць яго латы,
І яго сустракаюць самотна крыжы
На кладах ля дарогі бясконцай, забытай.
– Што ж ты, вой, так спазьніўся –
                                                                          на сотні гадоў –
І Айчына твая прагуляна, прапіта
За сталамі тваіх неразумных братоў?
Толькі стомлены коньнік ня чуе нічога,
Ды пытаньні ў яго ёсьць свае да жывых.
Ён сустрэне мяне, ён сустрэне любога
І спытае за ўсё, і спытае за ўсіх.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.