РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пясьняр
Мой шлях абмінае густыя лясы,
Высокія замкі і вежы.
Спакою ня ведаць, карон не насіць
І Госпаду толькі належаць –
Раскоша! Кілім верасовы і ноч,
І райскія птушкі шчабечуць.
І што мне да нечых спалоханых воч,
Да брыдкіх страсьцей чалавечых?
Я – песьня. Аднойчы замоўкнуць – ня жыць.
Гукну – і сусьвет адгукнецца.
І зь неба крынічкай вясёлка зьбяжыць,
І ў камні загрукае сэрца.
Але для людзей назаўсёды нямы.
Стаміўшыся лаяць і хапаць,
Яны спачываюць і поўняць дамы
Юрлівымі снамі і храпам.
Ніколі, нікому – ні слова майго.
Што пэрлы – сьвінячай пародзе?
Я буду сьпяваць для дажджоў і сьнягоў,
Для ветраў і траваў – і годзе.
Чаму ж ты зьнясілела, песьня мая?
Цябе адпусьціў я на волю.
Ніхто тут ня зможа нас больш абсьмяяць.
Ня зьведаеш крыўды і болю.
Ніхто не пагоніць, ніхто не заб’е...
Ляці, як калісьці, да зорак!
Пакінуць ня можаш ты грудзі мае,
Як мацерку хворы дзіцёнак.
Чаго не хапае? Няўжо бізуноў
І сытага рогату з вокнаў
І трэба вяртацца ў зьняволеньне зноў
Для нейкіх вар’яцкіх законаў?
Сьлязінкамі капаюць зоры зь нябёс...
А помніш, як плакалі людзі
І слухалі песьню, як слухаюць лёс,
Як моляцца Богу аб цудзе?
А помніш, як часам у нечых вачах
Ад песьні успыхвалі зоры,
І значыць, што нехта забыўся на страх
І здрадзіў навечна пакоры.
Імгненьні... Як рэдка такія былі...
А можа, іх дзеля – і толькі –
І дадзена быць песьнярам на зямлі
І грэх адлятаць за аблокі?
Мой шлях абмінае густыя лясы,
Высокія замкі і вежы.
Спакою ня ведаць, карон не насіць
І Госпаду толькі належаць
І быць – да апошняга – гэтым жыву –
З народам сваім і ў народзе.
Ці кінуць за сьпевы мядзяк на траву,
Ці зноў бізунамі заплоцяць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.