 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Вы жылі, паненкі-шыпшыны, На маёй пакутнай зямлі. Ад бацькоў, багатых і слынных, Ад партрэтаў фамільных пыльных У бядачкі-курсісткі йшлі. Састрыгалі цяжкія косы, Як адвечны жаночы шлях. Не над пяльцамі – а над прозай Дастаеўскага і Сьпінозы Вы сядзелі па вечарах. Як вы верылі, як любілі! Як за любымі йшлі ў народ! Толькі ў дзеўках часьцей хадзілі Ці ўміралі вы ад сухот. І ў дзявочых танклявых пальцах Скальпель цьвёрды быў, як душа. Толькі ў ятрасьці пракламацый Ды ў самоце падчас вакацый Голас ваш цудоўны дрыжаў. Вас цураліся нават блізкія, І дзівіліся з вас віжы: Што вам сілы давала выстаяць, Польскі гонар у сэрцы вытравіць, Беларускамі быць і жыць? Перад вамі, бы прад сьвятымі, На калені хочацца ўстаць. Хоць магілы вашы забылі, Сэрцы вашыя маладыя На шыпшыне вясной гараць.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|