РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шляхта
Першы сьнег над мястэчкам,
І мерзнуць званы на званіцы;
І ў маленькі маёнтак зьязджаецца шляхта на баль.
І глядзяць з-пад рукі на паненак здаля маладзіцы –
Люд мясцовы, загадкавы, просты, як белы паркаль.
Мы жывём, нібы прыхадні тут, – шляхта, кветкі-прыкрасы.
Пакаленьні зьмяняюцца – тыя ж бязродцы растуць.
Што за людзі жывуць тут? Якія тут рэчкі і краскі?
Што за песьні пяюцца? На мове якой нас клянуць?
Невядома. Бліжэй нам гэроі пагаслай Элады
Ці маркізы парыжскія, нават расейскі разбой...
І ня нам напяваюць балады пушчанскія шаты,
Абыходзіць дамы нашы лірнік з пагардай сьляпой.
Як расплоцяцца горка за гордую пыху нашчадкі,
Як завянуць яны на зямлі, што ня стала сваёй.
Выцьвітаюць, як душы, кляйнодаў старыя пячаткі,
І зьмяшаецца сьмерць назаўсёды з блакітнай крывёй...
І ляцяць над мястэчкам іскрыстыя Штрауса вальсы,
А званы на мясцовай званіцы цяжкія, як лёс.
Не заўважаць вас нават, бязродныя кветкі-прыкрасы,
У гнілой каляіне ад бедных сялянскіх калёс.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.