РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра Міхала Падабедава
Струны весела сьпявалі:
«Воля, шчасьце, доўгі век!»
Волю выкупіць за талент
Спадзяваўся чалавек.
 
«Маладосьць! – сьпявалі струны. –
Час, калі мы – каралі!»
Ды музыку ў горад тлумны
Разам зь песьняй прадалі.
 
Ці ў нявольнікі, ці ў госьці –
Ды чужая старана!
І натхнёнай маладосьці
Звонка лопнула струна.
 
Што ж далей? Няўжо за славу
Волі вольнай не здабыць?
Сёньня пан гарлае: «Брава!»
Заўтра – пра цябе забыў...
 
У тэатры добра плацяць,
І музыка там – прывык.
А струна былога шчасьця
Абарвалася, бы крык.
 
Немату душы агучыць
Толькі часу вольны рух:
Дзьве прыгожанькія ўнучкі
Скораць модны Пецярбург,
 
Сын калісь разбагацее.
Ты ж – нажыў грахі свае,
І струна жывой надзеі,
Як праменьчык, растае.
 
Што далей? Хвароба, шаты
Шклоўскіх ліп, гады журбы.
Сын – і вольны, і багаты.
Ты – прыгонны і сьляпы.
 
Праляцела ўсё, як вецер,
Слава высахла сьлязой.
І струну жыцьця нарэшце
Сьмерць абрэзала касой...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.